КВІ́НКЕ АЦЁК, Квінке хвароба, крапіўніца гіганцкая, крапіўніца Мілтана,

абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.

К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл. Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)